Верш з-за кратаў. Уладзімір Някляеў — “Да 100-годдзя БНР”

Паэт і апазіцыйны палітык Уладзімір Някляеў Свята Незалежнасці — стагоддзе абвяшчэння БНР — сустракае за кратамі на Акрэсціна. Някляў быў затрыманы днямі, як і шмат хто яшчэ, хто збіраўся правесці сёння ў Мінску шэсце.

Уладзіміру Някляеву ўдалося перадаць на волю верш, які ён напісаў учора адмыслова да свята.

Уладзімір Някляеў. Фота з архіву

 

І

 

У камеры турэмнай, нібы звер,

Глухім адчаем выючы да столі,

Святкую я стагоддзе БНР —

няспраўджанае свята нашай Волі.

 

Прынік да вочка

вокам

вартаўнік.

Мардаты. Зубы сцяты. Чын па чыну.

А недзе там, над столлю, — сакавік.

І недзе там — за кратамі — Айчына.

 

І раптам я адчуў, што мы ўдваіх

За кратамі, як з ланцугом на шыі,

Я выю ў столь па гэты бок ад іх,

Яна — па той бок у нябёсы вые.

 

Аж дрыжыкі бяруць з яе выцця!

Такая ў ім туга, нуда такая.

Як не хапае ёй, каб жыць, жыцця,

І смерці, каб памерці, не хапае!

 

І так — скрозь век, скрозь сто студзёных год,

Скрозь боль і жах, скрозь песні з карагодамі —

І скрозь правадыроў, і скрозь народ,

Які ніяк не можа стаць народам.

 

ІІ

 

Вясна, вясна! Скажы, шапні ты мне,

Калі ўжо ты прыйшла на наш гасцінец,

Чаму я ў роднай, крэўнай старане

Турме — радня, а ўсёй радні — чужынец?

Шапні, вясна чаканая, скажы:

У чым я прад Айчынай вінаваты?..

 

І слухаў я, як б’юцца капяжы

Аб падваконнік,

Аб сцяну,

Аб краты...

 

ІІІ

 

О, Беларусь! О, Крывія мая!

Ты

Ува мне

Жывой крывёй струменіш!

І гэта ўжо ніяк,

Нічым не зменіш:

Кроў на ваду не памяняю я.

 

Дарма — турма! А Воля — не дарма!

І не дарма Пагоні меч узняты!

Мы рассячэм ланцуг!

Мы вырвемся з ярма!

Мы ўсё-ткі спраўдзім

Волі нашай

Свята!