Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Сялянскі эпас

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Сялянская тэма ў беларускай літаратуры — з'ява гэткага ж эпічнага парадку, што і «Адысея», «Рамаяна» альбо «Спеў аб Нібелунгах». Ніводзін еўрапейскі народ не мае такой фундаментальнай хрэстаматыі вясковай прозы і паэзіі, як беларусы.

Сялянскі эпас — масіў нашай нацыянальнай ідэі, паводле маштабу параўнальны хіба з ваеннай прозай.

Вялікі Сялянскі Эпас не проста шматтомны — ён шматтонны. Яго цэлае стагоддзе стваралі фалькларысты, народнікі, нашаніўцы і сябры Саюза пісьменнікаў. Вершы Багушэвіча і драмы Дуніна-Марцінкевіча, паэзія Купалы ды Гаруна — гэта толькі эпіграфы. Главы — глыбамі: «Новая зямля» і «На ростанях» Коласа, «Людзі на балоце» Мележа, «Трывожнае шчасце» Шамякіна, «Знак бяды» Быкава... Ды яшчэ тысячы раманаў, аповесцяў, зборнікаў усё пра тое ж.

У бібліятэцы беларускага сялянскага эпасу — п'есы Купалы, байкі Крапівы, апавяданні Гарэцкага, вялікая частка прозы Быкава, Брыля. Багушэвічаў Аліндарка, Халімон Дуніна-Марцінкевіча, купалаўскія мужык ды жнейка, коласаўскія палясоўшчык Міхась са сціжмай дзяцей, дзядзька Антось, Сымон-Музыка і дзед Талаш, лынькоўскі Міколка-Паравоз, мележаўскія Васіль ды Ганна, вясковыя інтэлігенты Гарэцкага, быкаўская Сцепаніда… Ды ў гэтай вялікай вёсцы ўсе ведаюць адзін аднаго!

Парадокс, але беларускі сялянскі эпас паўстаў адначасова з хваляй урбанізацыі — бо яна масава запаўняла вяскоўцамі гарады. Цэлая нацыя падымалася з вёскі ХХ ст, на тле рэвалюцыяў і войнаў, разам з Адраджэннем — відовішча сапраўды эпічнае.

Дзякуючы беларускай сялянскай літаратуры, мы ніколі не забудземся на тую патрыярхальную краіну вясковай простасці і глыбіні, дзе жарсці віравалі не слабейшыя, чым у Гамера, ворагі былі такімі ж жорсткімі, як у ісландскіх сагах, а карова адыгрывала не меншае рытуальнае значэнне, чым у індыйскае міфалогіі. Тую зямлю, лясы, cенажаці, сады, гарады й хаты, у якіх нацыя выжыла скрозь стагоддзі акупацыяў, войнаў і прыгнёту — той страчаны рай, зь якога мы выбіраліся да свайго гарадскога адкрыцця, да біблейскага Новага Іерусаліму.

У школьных падручніках «Беларускай літаратуры» вялікі сялянскі эпас усё яшчэ адыгрывае ролю класікі. Але новая нацыянальная хрэстаматыя, гарадскі эпас Беларусі, пачаты Караткевічам, ідзе яму на змену з хуткасцю беларускай урбанізацыі.

 

 

З кнігі “Люблю Беларусь”

 

Працяг будзе

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

  • Севярынец-Але новая нацыянальная хрэстаматыя, гарадскі эпас Беларусі, +++ папаша Паўлік нагадаю табе што вёска ні чым не адрозніваецца ад горада бо і ў вёсцы асноўны працаўнік наёмны рабочы(вясковы пралетарыята) то біш такя ж паскуда што і гараджане і эпасы ў іх аднолькавыя!