У Магілёве вызначылі пераможцаў конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom»

Ім уручаныя дыпломы пераможцаў і кожнаму смартфон ад кампаніі Velcom.

У Магілёве вызначылі пецярых пераможцаў рэгіянальнага фіналу рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Чытаем па-беларуску з Velcom». Ганна Ляхава, Кацярына Герасімёнак, Станіслаў Цярэшчанка, Валерыя Маскалькова ды Цімафей Коласаў трапілі ў вялікі нацыянальны фінал праекту. Ім уручаныя дыпломы пераможцаў і кожнаму смартфон ад кампаніі velcom.

Пераможцы рэгіянальнага фіналу

Усяго ў рэгіянальным фінале конкурсу ўдзельнічалі трыццаць школьнікаў. Журы вызначыла, што іхныя відэа з чытаннем беларускіх твораў найлепшыя з дасланых 240 прац. Паводле ўмоваў конкурсу ў ім удзельнічалі вучні 7 і 8 класаў. Адбіралі фіналістаў з кастрычніка па снежань 2017 года.

 

Дзьве хвіліны на выступ

Сацыяльна-адукацыйны праект «Чытаем па-беларуску з velcom» праводзіцца кампаніяй velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Яго мэта – адкрыць для вучняў свет беларускай літаратуры па-новаму, а таксама выкарыстаць магчымасці сацыяльных сетак для адукацыі.

Удзельнікі фіналу

Рэгіянальны фінал конкурсу праходзіў у магілёўскай гімназіі № 3. Яе актавая заля была поўнай гледачоў. Падтрымаць юных чытальнікаў прыйшлі іхныя родныя ды сябры. Канкурсанты меліся за дзве хвіліны прачытаць твор. Журы, якое ўзначальвала магілёўская паэтка Раіса Баравікова, улічвала маўленчыя ды артыстычныя якасці выступоўцаў.

 

Бабуля пра перамогу ўнучкі: “У яе прыродная схільнасць да беларускай мовы”

Найбольшую колькасць балаў – 111 – набрала вучаніца з Клічаўскай школы № 2 Ганна Ляхава. Дзяўчына чытала твор Рыгора Барадуліна «Бацьку». Конкурсны нумар ёй дапамагла зрабіць настаўніца беларускай мовы Людміла Сукара.

«У гэтым вершы перададзеныя адчуванні маёй вучаніцы, – сказала настаўніца. – Ганна страціла бацьку, а ёй хочацца каб з ёю былі побач тата і мама».

Сама Ганна прызналася, што паўдзельнічаць у конкурсе вызвалася сама, бо ёй падабаецца сцэна. Па сканчэнні школы хоча стаць настаўніцай, ці акторкай. Ганна – удзельніца школьных алімпіядаў па беларускай мове.

Дзьве хвіліны на выступ

Падтрымаць Ганну прыехала яе бабуля, якая заўважыла, што была перакананай у перамозе ўнучкі. «У яе прыродная схільнасць да беларускай мовы і беларускія творы яна дужа прыгожа чытае. Таму, сумневу ў перамозе ўнучкі не было ды і далей яна сябе яшчэ пакажа», – пракаментавала выступ Ганны Ляхавай, яе бабуля Тацяна Аляксандраўна Казачэнка.

 

Маці фіналіста: беларускія творы лёгка кладуцца на музыку

Выступ вучня Бабруйскай школы № 18 Цімафея Коласава журы ацаніла ў 107 балаў. Хлопец чытаў пад акампанемент гітары твор Рыгора Барадуліна «Трэба дома бываць часцей». Конкурсны нумар яму дапамагла прыдумаць маці. Аксана Анатолеўна – настаўніца беларускай мовы.

«Беларускія творы дужа лёгка кладуцца на музыку, бо мова наша спеўная», – адзначыла яна.

Сам Цімафей не хаваў, што дужа хваляваўся, але на сцэне супакоіўся. «Адчуў, што выступаю добра і ў мяне ўсё атрымліваецца», – сказаў ён.

 

Сябра журы: у школе мала ўвагі даецца беларускай мове

Сябра журы актор і тэлевядучы Юрый Жыгамонт сказаў, што яму спадабалася, як выступалі вучні. Пры гэтым, аднак, ён заўважыў, што, на яго погляд, веды канкурсантаў беларускай літаратуры абмежаваныя школьнай праграмай. Як яму падалося на выбар школьнікамі конкурсных твораў уплывалі дарослыя, таму, як сказаў ён, некаторыя з канкурсантаў «не зусім разумелі сэнсу абранага вершу».

У чаканьні выступу

«Цяпер у школе мала ўвагі даецца беларускай мове ды літаратуры. Зразумела, што дзеці абсалютна не вінаватыя, што ў іх замалыя веды па беларускай літаратуры. Але гэтыя дзеткі – гэта тое зерне, якое дасць свой колас і наша беларускае поле заквітнее добрай збажыною», – падсумаваў Юры Жыгамонт.

 

Прадстаўнік кампаніі velcom: падтрымка дзяцей, беларускай мовы і культуры – важныя напрамкі дзейнасці

Начальнік аддзелу карпаратыўных камунікацыяў кампаніі Velcom Вячаслаў Смірноў сказаў, што ў праекце «Чытаем па-беларуску» сышлі два важныя напрамкі дзейнасці: падтрымка дзяцей, а таксама беларускай гісторыі ды культуры.

Раіса Баравікова, Вячаслаў Смірноў, Юры Жыгамонт

«Мы называем гэта карпаратыўна-сацыяльнай адказнасцю, – адзначыў ён. – Мы працуем на беларускім рынку і таму нясем адказнасць не толькі за свае 5 мільёнаў кліентаў, але за ўсіх грамадзянаў Беларусі, якіх дзесяць мільёнаў. Мы лічым, што вяртанне да сваіх каранёў дужа важна справа».

 

Статыстыка конкурсу: 2048 відэа, 700 тысяч праглядаў

Для таго, каб узяць ўдзел у конкурсе вучні з усёй Беларусі даслалі  на разгляд журы 2048 відэа. Найбольш фільмаў прыйшло з Менску – 326. Гомельшчына самы актыўны з рэгіёнаў. Адтуль журы атрымала 355 відэа. Вучні са Слаўгарадскага раёну даслалі на конкурс – 34 фільмы і зрабілі яго самым актыўным з раёнаў. Агулам відэаролікі набралі ў інтэрнэце больш за 700 тысяч праглядаў.

Верш Купалы «Спадчына», Коласаў «Ручэй», Багдановічаў «Раманс» і верш Рыгора Барадуліна «Трэба дома бываць часцей» – сталі самымі папулярнымі творамі на конкурсе «Чытаем па-беларуску з Velcom».