Жыхароў Круглага пакідаюць без гарачай вады. Усталёўвайце бойлеры за свае грошы

У райцэнтры на Магілёўшчыне масава дэмантуюць газавыя калонкі. Жыхары пагражаюць «сацыяльным выбухам».

Жыхароў райцэнтру Круглае, якому летась надалі статус гораду, масава прымушаюць дэмантаваць у кватэрах газавыя калонкі. Паводле газаўшчыкоў, воданагравальнікі ўстаноўленыя з грубым парушэннем «Правілаў карыстання газам у побыце». Перспектыва застацца без гарачай вады пагражае сотням сямей з больш як сарака дамоў.

Газавая ўстаноўка насупраць дому, у якім дэмантавалі газавую калонку

Гараджанам прапануюць мяняць газавыя воданагравальнікі на электрычныя за ўласны кошт. Гаспадары кватэраў не пагаджаюцца — кажуць, што старая электраправодка не вытрымае. Дый сродкаў на замену абсталявання ў іх няма.

Многія настойваюць, што сама ўлада павінна парупіцца, каб падвесці ў дамы гарачую ваду, як гэта павінна быць у горадзе. Чыноўнікі адпісваюць, што на гэта ў бюджэце няма грошай, і абяцаюць вырашыць праблему з гарачай вадой на працягу дзесяці гадоў.

 

Дзесяцігоддзямі да калонак ставіліся лаяльна

Цэнтралізаванай сістэмы гарачага водазабеспячэння ў Круглым няма. Каб мець у кватэрах гарачую ваду, гаспадары і пачалі ставіць газавыя калонкі. Першыя, па словах старажылаў, з'явіліся гадоў сорак таму.

«На працягу дзесяцігоддзяў да такога абсталявання газавыя службы ставіліся лаяльна, — сказаў жыхар райцэнтру, які назваўся Сяргеем Паўлавічам. — За расход газу бралі грошы. Спраўнасць воданагравальнікаў кантралявалася».

Газавая калонка ў адной з кватэраў. Газаўшчыкоў гаспадары ў жытло не пускаюць

Па словах круглянцаў, актыўнае змаганне з калонкамі ўсчалося года паўтара таму. Падставай для яго сталі няшчасныя выпадкі ў розных гарадах Беларусі з прычыны няспраўных газавых калонак. Як кажуць жыхары райцэнтру, падчас сёлетняй выбарчай кампаніі барацьбу з газавымі воданагравальнікамі прыпынілі.

Газаўшчыкі выявілі ў Круглым 578 самавольна ўсталяваных газавых воданагравальнікаў. З іх 488 эксплуатуюцца ў дамах, якія не маюць дымаходаў. Для адводу прадуктаў гарэння выкарыстоўваюцца вентыляцыйныя шахты, што забаронена правіламі карыстання газам у побыце. Па звестках газавай службы, калонкі ставіліся больш за трыццаць гадоў таму.

 

Дэмантаваць калонкі дапамагае міліцыя

Цяпер супрацоўнікі газавай службы разам з міліцыяй абыходзяць кватэры і зразаюць абсталяванне. У адказ гаспадары зачыняюцца ў сваіх хатах і адмаўляюцца пускаць візіцёраў.

Жыхары райцэнтру звярнуліся да прэсы. На іх думку, раённая ўлада замоўчвае маштаб праблемы з гарачай вадой у Круглым і нічога не робіць, каб яе вырашыць.

На сустрэчу з журналістам 17 сакавіка з розных канцоў гораду прыйшлі блізу трох дзясяткаў чалавек. Гаворка адбылася непадалёк ад дому № 3 на вуліцы Лукашэвіча. Жыхары гэтага дома распавялі, што ўжо некалькі дзён жывуць як у аблозе. У двух пад’ездах газавыя калонкі ўжо паздымалі. Жыльцы трэцяга адмаўляюцца. Каб зрабіць іх згаворлівымі, пад’езд адключылі ад газу.

Круглянцы расказваюць журналісту пра сітуацыю з гарачай вадой

«...Газазабеспячэнне ў вашых кватэрах будзе адноўлена пасля доступу ў кватэры № 6, 9, 10, 17», — было напісана на абвестцы.

Супрацоўнікі газавай службы, пабачыўшы людскую грамаду, тут жа зʼехалі, а некаторыя з жыхароў наважыліся выйсці са сваіх кватэраў. Газавыя калонкі, як сказалі суразмоўцы, яны паставілі шмат гадоў таму, «каб жыць па-людску». Доўгія гады прэтэнзіяў да абсталявання не было.

«У нас ёсць тэхнічныя ўмовы для калонак. Ёсць вентыляцыйная шахта і дымаходы. Але ў нас газавыя калонкі пазразалі. Прапануюць ставіць электрычныя бойлеры-награвальнікі, але нас не слухаюць, што іх нагрузкі не вытрымае старая электраправодка. Яе прапануюць замяніць у доме за наш жа кошт», — кажа жыхарка дому Таццяна.

Па словах жанчыны, дамова на карыстанне газавай калонкай была заключаная ў 2014 годзе, але яна не ўратавала абсталяванне ад дэмантажу.

Жылы масіў, які можа застацца без гарачай вады

 

Дзе ўзяць грошы?

Каб стварыць у кватэры тэхнічныя ўмовы для працы газавай калонкі — пракладка ўнутранага газапроваду, мантаж прыстаўных дымавых каналаў, распрацоўка праекту на ўвесь дом са згодай жыльцоў, набыццё воданагравальнікаў з закрытай камерай згарання — гаспадару спатрэбіцца 2,5 тысячы рублёў. На электранагравальнік трэба менш — ад 350 да 500 рублёў. Але пры гэтым, тлумачаць жыхары, трэба ўлічыць, што бойлер будзе расходаваць электраэнергіі больш, чым звычайна.

Без электраабагравальніка, як казалі суразмоўцы, яны ўкладаюцца ў 150 кілават па «льготным тарыфе». З абагравальнікам плаціць за электраэнергію прыдзецца зусім па іншых коштах.

 

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў: паскору вырашэнне пытання

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Дзмітрый Гобараў называе пытанне з гарачай вадой у Круглым «дужа прынцыповым і важным для жыццезабеспячэння грамадзян».

«Урад прыняў рашэнне забараніць выкарыстанне газавых праточных калонак там, дзе не забяспечаны адвод газу. У Круглым 42 дамы з гэтымі калонкамі. З аднаго боку, можна зразумець і людзей, а з другога — дзеянні ўлады», — каментуе сітуацыю дэпутат Палаты прадстаўнікоў, які 19 сакавіка сустракаўся з групай жыхароў Круглага.

Па словах Дзмітрыя Гобарава, пытанне з гарачай вадой не аднойчы абмяркоўвалася ў Магілёўскім аблвыканкаме. Ураду даслалі хадайніцтва, каб круглянцам, якія выкарыстоўваюць электраводанагравальнікі, дабавілі льготныя кілаваты электраэнергіі.

 

10 гадоў на гарачую ваду

Многія жыхары райцэнтру вінавацяць мясцовую ўладу ў нерацыянальным расходаванні сродкаў, выдзеленых на падрыхтоўку Круглага да «Дажынак», якія адбыліся ў 2015 годзе.

Людзі спасылаюцца на досвед суседняга Талачына, дзе за грошы на «Дажынкі» мадэрнізавалі сістэму гарачага водазабеспячэння. У Круглым жа, па іх словах, грошы пайшлі на «фарбаванне дамоў».

Падкову паставілі ў «Дажынкі»

Год таму сітуацыю з гарачай вадой і газавымі калонкамі абмяркоўвалі на сходзе жыхароў райцэнтру. На ім, як вынікае з пратаколу, прызнавалася, што адзінай крыніцай гарачага водазабеспячэння ў Круглым застаюцца газавыя калонкі. Дэмантуюць іх, па словах чыноўнікаў, дзеля бяспекі людзей, каб не патруціліся чадам.

На тое, каб вырашыць праблему гарачага водазабеспячэння, гаварылі службоўцы на сходзе, спатрэбіцца 10 гадоў, бо працы фінансуюцца за сродкі ўласнікаў жытла.

Будынак райвыканкаму на вуліцы Савецкай. На ёй і прылеглых да яе вуліцах знаходзіцца бальшыня дамоў, у якіх дэмантуюць газавыя воданагравальнікі

За прамінулы год у Круглым газавых калонак паменела. Некаторыя з жыхароў ўсё ж замянілі іх на электрычныя. Большасць жа спадзяецца, што дзяржава дапаможа вырашыць праблему. Найбольш актыўныя звярнуліся ў Адміністрацыю прэзідэнта, які, па словах скаржнікаў, не ведае, што робіцца ў Круглым.




Оставьте комментарий (0)