“БелЛіт: мабільны гід”: у Мiнску стартуе мабiльны курс беларускай лiтаратуры

6 сакавіка ў Мінску пачнуцца бясплатныя лекцыі па беларускай літаратуры ў межах праекта “БелЛіт: мабільны гід”. Гідамі па літаратуры для слухачоў стануць пісьменнікі, выкладчыкі і медыйныя персоны. Узгадаць альбо адкрыць для сябе знакавыя беларускія творы зможа кожны жадаючы. Праект ладзіцца пры падтрымцы Мабільнай бібліятэкі МТС.

Усяго запланавана 6 лекцый. Праграма надзвычай разнастайная: слухачы даведаюцца пра “памер” беларускай літаратуры, самы паспяховы стартап 16 стагоддя і не толькі.

Арыентавацца ў літаратуры дапамогуць наступныя спікеры: Альгерд Бахарэвіч, Алесь Суша, Вальжына Морт, Ганна Севярынец, Андрэй Хадановіч, Ганна Бутырчык, Марына Казлоўская і іншыя.

Кожны слухач лекцый атрымае залікоўку, у якой будуць адзначацца заняткі, якія ён наведае, і тэсты, якія пройдзе. Лепшыя “студэнты” атрымаюць “чырвоныя” дыпломы.

Таксама кожны жадаючы можа падпісацца на e-mail-рассылку з цікавымі матэрыяламі па беларускай літаратуры ад аўтараў праекта “Купала поштай” і “Мастакі поштай” і прайсці тэматычныя тэсты.

Распачнуцца заняткі напярэдадні Міжнароднага жаночага дня — 6 сакавіка. Таму сімвалічна, што першая лекцыя будзе прысвечаны прыгожай палове чалавецтва. Беларуская літаратарка і перакладчыца Юлія Цімафеева распавядзе пра 5 літаратурных гераіняў, якія вас здзівяць.

Зарэгістравацца на лекцыі і падпісацца на e-mail-рассылку можна на сайце праекта: gidbellit.by. Усе заняткі для наведвальнікаў бясплатныя. Месца правядзення: крэатыўная прастора Imaguru (вул. Фабрыцыуса, 4), пачатак у 19:00.

Падчас літаратурных сустрэч можна будзе не толькі паслухаць прафесіяналаў, задаць ім пытанні, але і падзяліцца ўласнымі думкамі наконт любімых твораў, аўтараў і прыемна правесці час у сяброўскай атмасферы аднадумцаў.

 

 

 




Оставьте комментарий (0)