Статкевіч: калі на Дзень Волі мы будзем толькі святкаваць — згубім аўтарытэт

Мікалай Статкевіч лічыць, што частка апазіцыі пайшла на сепаратныя перамовы з уладамі.

Нягледзячы на дамоўленасць з ўладамі пра мітынг і канцэрт у гонар стагоддзя БНР каля Вялікага тэатра, лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікалай Статкевіч плануе ўсё ж пайсці шэсцем па цэнтры горада.

Naviny.by распыталі палітыка аб адзінстве ў апазіцыі і неабходнасці пратэстнай акцыі на Дзень Волі.

— У вашай суполцы ў “Фэйсбуку” абвешчана аб часе і месцы збора 25 сакавіка на шэсце. Чаму ўсё ж вырашылі праводзіць шэсце, нягледзячы на магчымасць правесці свята з канцэртам?

— Гэта рашэнне аргкамітэта па святкаванні Дня Волі. У адсутнасць іншага рашэння, мы дзейнічаем у межах прынятага. Так, 4 з 13 арганізацый, якія ўваходзяць у аргкамітэт, чамусьці пайшлі на сепаратныя перамовы з уладамі, нягледзячы на працяглыя дыскусіі, калі мы падцвердзілі сваё рашэнне аб традыцыйным шэсці і мяжу кампрамісу для перамоў з уладай.

Як я зразумеў з іх жа словаў, улада прапанавала ім скасаваць калектыўную заяўку ад 13 арганізацый, каб яны падалі той варыянт святкавання, які задавальняе ўладу, без традыцыйнага шэсця, якога ўлада вельмі баіцца.

Я нагадаю, што ў папярэдняй заяўцы было і шэсце, і канцэрт. Каб мы займалі агульную пазіцыю, то даціснулі б улады на нейкі варыянт шэсця — у іх зараз занадта складаная сітуацыя для яшчэ аднаго канфлікта з грамадствам.

Мы маем шмат сацыяльных і палітычны праблем у грамадстве. Свята святам, але людзі прыходзілі заўжды на гэтыя святы са сваімі праблемамі і лозунгамі. Калі шэсце дазваляе людзям прынесці туды свае лозунгі, то канцэрт за агароджай такога варыянту не дае.

У тым годзе быў жорсткі разгон. Тады людзі, якія раней не цікавіліся гісторыяй БНР, прыйшлі на гэты Дзень Волі са сваімі праблемамі. Цяпер яны будуць назіраць за тым, што робіць апазіцыя, якая іх тады паклікала да пратэстаў, і яны апынуліся пад ударамі ўлады.

Калі мы ў гэты дзень будзем толькі святкаваць і танчыць, то мы можам згубіць той аўтарытэт, які ў нас быў сярод гэтых людзей год таму. А для большасці, якая хоча перамен, альтэрнатывы ўладзе дзве — мы альбо Пуцін. Згубіўшы іх давер, мы можам згубіць незалежнасць. Таму мы настойваем, каб былі і канцэрт, і шэсце.

Мы абмяркуем гэта ўсё 5 сакавіка. Мы паслухаем калег, якія пайшлі на такі незвычайны крок усяго толькі праз 10 дзён, як улада нават не дала ім месца ў сельсавеце на выбарах — чаму яны пайшлі да чыноўнікаў, якія рабілі тыя выбары, чаму яны дамаўляліся з імі за спіной аргкамітэта?

То бок ёсць варыянт, што вы ўсё ж дамовіцеся?

— Мы павінны паслухаць людзей, якія так зрабілі, і разам вырашыць, што рабіць далей. Рашэнне аркамітэту ніхто не адмяняў. Гэта было кампраміснае рашэнне для БНК, бо мы планавалі шэсце да плошчы Незалежнасці, але пагадзіліся ісці да Опернага тэатра і нават пагадзіліся на перамовы па маршруту шэсця. Але калегі выбралі нейкі дзіўны шлях.

Не баіцеся брутальнага разгону, як было летась?

— Прадказаць дзеянні ўлады цяжка. Але, усё ж такі, гэта стагоддзе незалежнасці. Мы спадзяемся, мазгоў хопіць. Ды й сітуацыя ў іх вельмі складаная. Яны ж ужо дазволілі канец нашай акцыі. Можа стрымаюцца і на пачатку і дадуць людзям спакойна прайсці да месца канцэрта. А мы павінны, дзеля павагі да тых людзей, якія выйшлі летась 25 сакавіка, паказаць, што грамадства не ўдалося запалохаць.

Што б вы адказалі людзям, якія кажуць, што нават на стагоддзе БНР апазіцыя не можа дамовіцца?

— Спрэчкі ў апазіцыі — гэта нармальна, але змова яе часткі з уладай — гэта ненармальна. Хаця шэсце ўсё роўна прыйдзе туды, дзе будзе канцэрт. Так што ўсё будзе — і традыцыйнае шэсце, і канцэрт. І кожны жадаючы здолее выбраць, куды яму ісці на пачатку.

Але пытанне, як гэта пройдзе. Ці будзе ўлада мець справу толькі з тымі, на каго яна ўплывае, ці шукаць кампраміс з тымі, на каго яна не ўплывае. Мы гатовы да перамоваў, каб забяспечыць бяспеку, каб улада не нервавалася залішне. Але яшчэ раз кажу — мы прынялі аргкамітэтам рашэнне, што традыцыйнае шэсце адбудзецца пры любых умовах. І мы яго выканаем.

 

Мінгарвыканкам дазволіў правядзенне канцэрта і мітынга каля Вялікага тэатра ў Мінску 25 сакавіка, збор а 13 гадзіне, канцэрт працягнецца да 19-й. Свой удзел у канцэрце ўжо пацвердзілі Лявон Вольскі, “Нейра Дзюбель”, “Крама”. Таксама пададзены пісьмовы зварот на правядзенне шэсця ад Купалаўскага сквера да пляцоўкі перад Вялікім тэатрам.