Уладзімір Кавалкін. ЯК УЛАДКАВАЦЬ БЕЛАРУСЬ. Народ для дзяржавы

Уладзімір КАВАЛКІН

Уладзімір КАВАЛКІН

Скончыў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, атрымаў ступень бакалаўра эканомікі, а пазней — магістра эканомікі. Магістр гуманітарных навук па паліталогіі (ЕГУ, праграма «Публічная палітыка»). Эксперт па пытаннях рэформы дзяржаўнай службы і кіраўнік праекта «Кошт урада» у межах праекта BIPART.

Амаль 50% беларусаў уяўляюць, колькі грошай з іх кішэні сыходзіць у бюджэт краіны праз механізм спагнання прамых і ўскосных падаткаў, яшчэ 23% здольны падлічыць дакладную суму сплочаных імі падаткаў, але толькі 15% правільна адказалі на пытанне аб тым, хто ў нашай краіне прымае закон аб бюджэце на чарговы фінансавы год — такія вынікі былі атрыманы падчас сацыялагічнага апытання.

У межах праекта «Кошт урада» мы перыядычна праводзім замер бюджэтна-падатковай пісьменнасці насельніцтва, уключаючы свае пытанні ў розныя сацыялагічныя даследаванні, і па выніках практычна заўсёды сутыкаемся з адной і той жа карцінай: у цэлым людзі нядрэнна ведаюць, якія падаткі і ў якім аб'ёме яны сплочваюць самастойна або праз падатковага агента ў асобе працадаўцы, але што адбываецца далей з гэтымі грашыма, хто і як імі распараджаецца, як прымаюцца рашэнні аб бюджэце краіны, дасведчаны няшмат хто.

Не стала выключэннем і снежаньскае апытанне Беларускай аналітычнай майстэрні (BAW) па замове АДЦ «Цэнтр даследавання грамадскага кіравання «SYMPA» і грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі» — 75-85% рэспандэнтаў добра арыентуюцца ў розных падатках, але 85% не ведаюць элементарных асноў бюджэтнай сістэмы краіны.

Тое, што амаль тры чвэрці рэспандэнтаў упэўнены ва ўласных ведах падатковага заканадаўства, можна было б спісаць на сацыяльна пажаданыя адказы — людзям уласціва жаданне выглядаць больш адукаванымі ў чужых вачах, калі б не цалкам пісьменныя адказы на пытанне аб падатках на фонд аплаты працы.

Так, больш за 85% правільна пазначылі падаходны падатак і амаль 73% назвалі адлічэнні ў пенсійны фонд (рэспандэнт мог выбраць адначасова некалькі адказаў). У той жа час іншыя падаткі, у тым ліку не існуючыя і выдуманыя намі для праверкі, выбрала менш за 10% рэспандэнтаў. Атрымліваецца, беларусы сапраўды ведаюць свае падаткі.

Таксама цяперашняе пакаленне крыху больш чым на 77% жадае, каб беларускія ўлады былі празрыстымі і падсправаздачнымі, а ўсе галіны ўлады фінансаваліся толькі з дзяржаўнага бюджэту. Нагадаем, што на рэферэндуме 1996 года на пытанне «Ці згодныя Вы, што фінансаванне ўсіх галін улады павінна ажыццяўляцца публічна і толькі з дзяржаўнага бюджэту?» адказ «Не» сабраў 65,85% галасоў.

А вось тое, што 84% насельніцтва не ведае асноў Канстытуцыі і размеркавання паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады — гэта прысуд як усёй сістэме адукацыі, так і спробам асобных дзяржаўных органаў падвысіць фіскальную пісьменнасць сярод насельніцтва. Толькі 16% рэспандэнтаў ведаюць правільны адказ на пытанне «Хто зацвярджае дзяржаўны бюджэт», пры гэтым 48% упэўненыя, што бюджэт зацвярджаецца прэзідэнтам, 9% — Саўмінам, 5% — нацбанкам.

Больш за тое, 36% дзяржслужачых з ліку рэспандэнтаў упэўненыя, што бюджэт зацвярджаецца прэзідэнтам, нягледзячы на тое, што гэтыя людзі здаюць іспыт перад паступленнем на дзяржаўную службу. Праўда, варта адзначыць, што выбарка ў праведзеным даследванні па сферы занятасці ёсць нерэпрэзентатыўная, і па гэтым паказчыку рабіць высновы аб усіх дзяржслужачых не варта.

Увогуле атрымліваецца цікавая карціна: з аднаго боку, мы добра дасведчаныя аб сваіх абавязках па выплаце падаткаў перад дзяржавай, з другога — мала што ведаем аб падзеле ўлады і пра абавязкі органаў дзяржкіравання перад намі. Не дзіўна, што з такім узроўнем прававой і бюджэтна-падатковай пісьменнасці беларусы не імкнуцца абараняць свае правы. Вось і атрымліваецца — не дзяржава для народа, а народ для дзяржавы.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.