Галіна Каржанеўская. ВЫБАРЫ. І твар яе пасвятлеў ад радасці...

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Нарадзілася на Случчыне ў сям’і аграномаў. З бацькамі пераехала ў Лагойскі раён, дзе некаторы час настаўнічала пасля заканчэння БДУ (філфак). З 1981 г. жыве ў Мінску. Працавала на рэспубліканскім тэлебачанні і ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Паэт, крытык, драматург. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Хто мог думаць, што на шараговых мясцовых выбарах я атрымаю не толькі новы досвед, але і зраблю адно асабістае адкрыццё. Нават два. Тычацца яны таго, хто насамрэч кіруе ў Беларусі выбарчым працэсам, — тым самым, які журналістка назвала “ложной беременностью” і які стаў найвідавочным прыкладам стагнацыі ў сферы ідэалогіі і дзяржаўнага кіравання.

Ісціна прамаўляе не толькі вуснамі дзіцяці. Як звычайны пенсіянер (так быў абазначаны мой грамадскі статус у якасці кандыдата) мушу заявіць: Лідзія Ярмошына ўзначальвае ЦВК, але выбарамі не займаецца. Яна асвятляе ход падрыхтоўкі і непасрэдна выбараў з тэлеакрана, агучвае прамежкавыя і выніковыя лічбы. Ды асноўная яе функцыя зусім іншая: прыкрываць сабою “шэрых кардыналаў”, хто адсочвае ўсе этапы і даводзіць  акруговым і раённым камісіям жаданыя паказчыкі (іх участковыя пешкі мусяць намаляваць у выніковых пратаколах). А галоўнае — старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі служыць громаадводам для народнага гневу.

Наконт “народнага”, канечне, гучна сказана. Так, народ узненавідзеў гэтую абавязалаўку — раз за разам хадзіць і ўкідаць у скрыню лісток, ды ягоны гнеў закіпае спантанна і на кароткі час у асобных экспансіўных прадстаўнікоў. У настроях электарату больш абыкавасці і апатыі. Сярод катэгорыі “прыкормленых”, да таго ж, назіраецца свядомы меркантылізм, бо дзе ўежна і ўлежна, там менш за ўсё праяў незадаволенасці, крытычнасці, пратэсту.

Механізм імітацыі выбараў усіх узроўняў настолькі адпрацаваны, што практычна не дае збояў. Разам з тым, ён становіцца нягнуткім, я сказала б —жалезабетонным. Калі ўжо знялі на мясцовых выбарах верхнюю планку яўкі, то навошта было гнаць прыпіскі ажно да 70 з лішнім працэнтаў? Ці не той гэта выпадак, калі жаданні Гаспадара выконваюцца яшчэ да таго як узніклі і ў тых маштабах, якіх нельга было нават чакаць? (Паводле Маркеса)

Адзіны галаўны боль — гэта незалежныя назіральнікі. Цяпер камісіі прымянілі новую методу: абставілі непажаданых гасцей ахоўнікамі і субяседнікамі. Адны моўчкі трымаліся поруч, другія адцягвалі ўвагу і загаворвалі зубы. Усё ж нейкі крэатыў…

Другое маё адкрыццё выспела падчас пікетаў. (Нагадаю, што на выбары я ішла ад АГП.) Бел-чырвона-белы сцяг сам па сабе ўтварае месца сілы, яно прыцягвае жыхароў горада, і вакол віруюць людзі. І што цікава! Не паспеем мы заступіць на агітацыйную  вахту, як праз хвілін 30-40 непадалёку згружаюць пікет прадстаўнікоў “Белай Русі”, таксама са стэндам і са сцягам.

“Згружаюць” — слова самае дакладнае ў дадзеным выпадку. Двое маладзёнаў або дзве жанчыны выглядаюць такімі агалошманымі, як быццам іх у поўнач выпаралі з ложка. І адчуваюць сябе адпаведна: як дэсант, скінуты на варожую тэрыторыю. Ніхто да іх ні разу не наблізіўся.

Цяпер, калі аціхлі жарсці, разважаю сама з сабою: мы паведамлялі ў выканкам месцы правядзення пікетаў, а не час правядзення. Час указвалі напрацягу дня, то бок з васьмі раніцы да дзесяці вечара. Няйначай, сярод супрацоўнікаў “у штацкім” завяліся экстрасенсы, здольныя чытаць нашы думкі. Але сапраўдная мэта такога суседства — зусім не канкурэнцыя, як я перш лічыла. Нелегальнае сачэнне вымагае падстаўных асобаў, каб у выпадку чаго было каму напісаць у камісію заяву.

Менавіта пасля такой заявы ад члена ГА“Белая Русь” і даверанай асобы В.В. Панасюка (пяты раз ішоў у гарсавет!) мяне знялі з рэгістрацыі ў кандыдаты па 33-й акрузе. Чыста спрацавана! І пры чым тут Ярмошына?

“Я задаволена вынікамі мясцовых выбараў”, — сказала яна, і твар яе пасвятлеў ад радасці.

 

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.