Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Рушнік

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Беларускі рушнік — гэта наш хатні бел-чырвона-белы сцяг.

 

Гэтую белую льняную палатніну, шырынёю 25-40 см і даўжынёю ад метру да трох, тканую на кроснах, чырвона-узорную, з вязанымі ці плеценымі карункамі, прошвамі ды махрамі, можна вешаць у рамку замест габелену ці выцінанкі, або сапраўды падымаць як штандар па-над домам.

Бел-чырвона-белы рушнік абдымае самыя дарагія і каштоўныя для беларуса рэчы: на ім госцю падаюць хлеб-соль, ім ахінаюць абразы на покуці, яго абавязкова навязваюць на крыжы пры дарозе.

Паводле ўнікальнага рысунку і стылю беларускіх рушнікоў можна вызначыць мясціну, дзе яны зробленыя. Пасачкі, ромбікі, завіткі, шахматкі, васількі розных куткоў Палесся, Падняпроўя, Падзвіння, Панямоння мазаікай складаюцца ў цэлую мапу Беларусі. У вышываных шыфрах беларускага рушніка знаходзіш і соль, і сала, і сонца, і абяцанне шчасця — усю нацыянальную ідэю ў бел-чырвона-белых элементах, усю ментальнасць у манументальнай арнаментальнасці.

Рушнікі ў Беларусі — лепшы пасаг дзяўчыне і падарунак навасёлам. Без рушнікоў не абыходзіцца ані ўмыванне нараніцу, ані абедзенны стол, ані вечаровая лазня. Бел-чырвона-белы рушнік — візітоўка будучага беларускага сэрвісу.

Рушнік — гэта беларуская культура чысціні й свежасці. Наш рушнік мае вельмі беларускую місію: прымае на сябе ўвесь бруд. Ацірае рукі, ногі ды твары, працуе ўхваткай, посьцілкай, покрывам — а назаўтра зноў бялюткі. Там, дзе свяцейшае, бліжэйшае да Бога, дзе абраз, крыж або прычасце — там будзе і беларускі рушнік.

Проста Беларусь ведае, што чысты рушнік — гэта з Евангельля. Ісус укрываў рушніком галаву ад палестынскай спёкі, рушніком мыў ногі на тайнай вячэры апосталам — узяўшы рушнік, апярэзаўся, потым уліў вады ва ўмывальнік і пачаў умываць ногі вучням і выціраць рушніком, якім быў апярэзаны (Яна 13:45) — і якраз на ўбрусе, паводле падання, застаўся крывавы адбітак Ягонага аблічча, Спас Нерукатворны.

…Лунае, палошчацца ў самой Беларусі льняны бел-чырвона-белы рушнік.

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.