Юлія Філіповіч, жонка блогера: Максім — моцны чалавек і патрыёт Беларусі

5 красавіка ў 20:45 у Гомелі маюць вызваліць зьняволенага блогера Максіма Філіповіча. Пра гэта паведаміла Юлія Філіповіч, жонка гомельскага блогера.

“Дачушцы нашай я пакуль нічога не кажу, бо ці мала што. 31сакавіка ўвечары я ўжо езьдзіла сустракаць Максіма. І многія сябры яго прыехалі. Але Максім з ізалятару так і ня выйшаў. Дачка вельмі плакала, што тата не прыехаў. Пакуль ён адбываў 18-суткавае пакараньне за ўдзел у “Маршах недармаедаў” у Гомелі і Берасьці, яму дадалі яшчэ 7 сутак за Маладзечна. Адбылася нейкая блытаніна ў судзе Савецкага раёна з вызначэньнем датаў адбыцьця арышту, таму й не кажу дачцы, калі тата вернецца дамому”, — тлумачыць Юлія Філіповіч.

Блогера меліся судзіць і чацьвёрты раз, гэтым разам — за ўдзел у акцыі пратэсту супраць «дармаедзкага» дэкрэту ў Пінску. Аднак, паводле жонкі блогера, пратакол па гэтай справе вярнулі на дапрацоўку. Можа, нават таму, што пінская міліцыя не адказала на пытаньне, хто ж спрабаваў у Пінску скрасьці Філіповіча? Бо калі б пінчукі не адбілі гомельскага блогера з кіпцюроў “цітушак”, невядома, дзе б ён апынуўся.

Юлія Філіповіч кажа, што Максім — моцны чалавек, і арышты яго ня зломяць:

“Ён па натуры моцны духам чалавек і патрыёт Беларусі. Упэўнена, што ён ня кіне займацца блогерствам, будзе расказваць пра рэальнае жыцьцё ў краіне. І зьяжджаць мы нікуды не зьбіраемся, хоць, пакуль Максім быў за кратамі, мне праз сацыяльную сетку паступіла і такая парада: пашукаць спакайнейшае месца за межамі Беларусі”.

Суразмоўца кажа, што яна нават крыху напалохалася такой парады. Для сябе вырашыла, што невядомыя “добразычліўцы” проста падштурхоўваюць яе да неабдуманых крокаў.

“Цяпер я спакойная, рыхтуюся сустрэць мужа. Да вечара згатую суп, бульбу і курыцу ў малацэ — гэта Максім любіць”.

Напярэдадні Юлія Філіповіч атрымала ліст з Гомельскага гарвыканкаму: Максіма вызвалілі ад сплаты збору на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў за 2015 год — увесну таго году яму не працягнулі кантракт кіроўцы ў ААТ “Сейсматэхніка”, і Максім патрапіў у шэрагі “дармаедаў”.

Рашэньне пра вызваленьне ад сплаты збору нібыта прынятае яшчэ ў лютым, на капэрце дата адпраўкі — 28 сакавіка, а рэальна ліст Юлія атрымала толькі 4 красавіка. Выглядае, што ўлады занепакоіліся тым, што міжнародная супольнасьць можа залічыць гомельскага блогера Максіма Філіповіча ў палітычныя нявольнікі.