Уладзімір Падгол. ПАМІЖ РАДКОЎ. Як ладзяць Курапацкі майдан

Уладзімір ПАДГОЛ

Уладзімір ПАДГОЛ

Кандыдат філасофскіх навук. Апошні запіс у працоўнай кніжцы: з лютага 1997 года — кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Прэзідыюма Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Аўтар «Падручніка па апазыцыйнай барацьбе», кнігі «Асновы палітычнай псіхалогіі», раманаў «Куля для прэзідэнта», «Валадар Кулі», «Чортавы жорны», а таксама канцэпцыі амерыканскага «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі». Кіраўнік ГА «Інфармацыйныя і сацыяльныя іннавацыі». Стваральнік Музея жорнаў.

За трагедыяй рэпрэсій супраць патэнцыйных удзельнікаў Дня Волі і выпадковых мінакоў засталася незаўважанай акцыя, якая можа прывесці да новых канфліктаў, барацьбы і рэпрэсій супраць актывістаў вольнага грамадства.

У Дзень Волі на сайце Міністэрства культуры з’явілася наступная інфармацыя:

Абвешчаны конкурс эскізных праектаў памятнага знака (мемарыяла) “Курапаты”

Мэтай конкурсу з’яўляецца пошук найбольш выразнага мастацкага адлюстравання вобраза ўрочышча “Курапаты” як агульнанацыянальнага месца памяці і прымірэння. Арганізатарам конкурсу з’яўляецца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь…

Кампазіцыйнае і пластычнае выкананне памятнага знака (мемарыяла) павінна быць вытрымана ў найлепшых традыцыях класічнага і нацыянальнага манументальнага мастацтва, адлюстроўваць галоўную ідэю твора — увекавечанні памяці ўсім бязвінна загінуўшым ахвярам XX стагоддзя ў гісторыі Беларусі.

Такім чынам у будучы мемарыяльны комплекс у Курапатах ужо ў праекце закладаецца сацыяльная бомба замаруджанага дзеяння.

У дакладнае месца, дзе паслугачы Сталіна забівалі бязвінных людзей, на зямлю над імі збіраюцца паставіць нейкія прадметы, якія будуць адлюстроўваць пакуты гібелі жыхароў нашай рэспублікі ў Аўганістане і розных афрыканскіх краінах, куды пасылалі на пагібель вайскоўцаў кіраўнікі СССР. Тут жа нешта ўвасобіць загінулых ад гітлераўскіх нацыстаў. І Чарнобыльская катастрофа з яе ахвярамі таксама будзе прадстаўлена па задуме кіраўніцтва Міністэрства культуры.

На мой погляд, гэты мемарыял прывядзе да маскіроўкі трагэдыі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, мікшыравання сэнсу санкцыянаваных забойстваў кіраўнікамі СССР свайго народу, адсоўвання асуджэння злачынства супроць чалавецтва.

Адпаведна актывісты, якія два дзесяцігодздзі баранілі Курапаты ад знішчэння, ладзілі тут народны мемарыял, ніколі не пагодзяцца з такім увекавечаннем памяці ўсім бязвінна загінуўшым ахвярам XX стагоддзя ў гісторыі Беларусі. Будуць пратэставаць. Пачнуцца пікеты, сутычкі, арышты, суды, штрафы, суткі.

Каб арганізатары конкурсу прапанавалі ўвасобіць у Курапатах месцы масавых растрэлаў з іншых рэгіёнаў Беларусі — гэта можна было б зразумець. Скажам, як Хатынь зрабілі сімвалам усіх спаленых гітлераўцамі вёсак.

А так, дэкларуючы “прымірэнне”, чыноўнікі ад культуры абвяшчаюць вайну і памяці, і міру, і нават нябожчыкам — ахвярам ды іхным нашчадкам. Сваім мемарыялам яны мосцяць новую дарогу праз Курапаты, па якой будуць хадзіць падаўжальнікі Лініі Сталіна. А на адкрыццё яны прыпруцца ў форме НКВД. Вось такое атрымаецца прымірэнне.

Толькі бязвінныя ахвяры ня змогуць пратэставаць і зямля наўрад ці ўздыбіцца ад пратэсту іх душаў ад такога здзеку.

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.