Бітва пад Воршай. Мультымедыйная рэканструкцыя

За тры гадзіны бітвы для маскавітаў усё было скончана. Яны страцілі забітымі палову войска.

Гэта адна з самых славутых перамог беларускай зброі і беларускага духу за ўсю гісторыю нашага народу.

8 верасьня 1514 года на Крапівенскім полі пад Воршай 30-тысячнае войска Вялікага княства Літоўскага разбіла ўшчэнт 80-тысячную армію Маскоўскага княства, якое ўжо шмат гадоў нападала на беларускія землі.

 

Пераправа цераз Днепр

7 верасьня войска ВКЛ правяло падманны манеўр, падчас якога ўброд цераз Днепр ля Воршы перайшоў атрад гусараў. Маскавіты чакалі, што тамсама пераправяцца і асноўныя літвінскія сілы. Але Гетман Канстанцін Астрожскі павёў   палкі на поўнач. Там былі ўзьведзеныя два пантонныя масты, падрыхтаваныя плыты і лодкі. Уноч на 8 верасьня войска ВКЛ пераправілася цераз Днепр ля вёскі Пашына і стала баявым парадкам на Крапівенскім полі.

 

Пачатак бітвы

Бітва пачалася з прасоўваньня Перадавога маскоўскага палка на Перадавы полк войска ВКЛ, які складаўся з коньніцы Юрыя Радзівіла і Януша Сьвярчкоўскага. Адбыліся двубоі паміж асобнымі вершнікамі варагуючых бакоў.

Пасьля гэтага Полк правай рукі маскоўскага войска пад камандаваньнем князя Міхаіла Булгакава напаў на левы фланг Перадавога палка літвінскай коньніцы. Гусарскі полк разам з Палком цяжкай кавалерыі Войцэха Сампаліньскага контратакавалі правы фланг войска Булгакава.

 

Перамога на левым фланзе

Булгакаў кінуў асноўныя сілы Палка правай рукі ў другую атаку на левы фланг войска ВКЛ. Пры набліжэньні ворага беларускія вершнікі расступіліся, і атакуючыя трапілі пад агонь пяхоты з пішчаляў. Страціўшы шмат вершнікаў, маскавіты пачалі адступаць.

Па закліку Астрожскага уперасьлед ім кінуліся палкі літвінскіх гусараў, цяжкай кавалерыі Сампалінскага і татарскі полк ВКЛ. Яны сходу прарвалі абарону Палка правай рукі і атакавалі правы фланг другой лініі маскоўскага войска.

Тым часам на другім фланзе пазіцыйныя атакі маскоўскага Палка левай рукі пад камандаваннем Івана Чалядніна перамяжаліся з контратакамі літвінскай коньніцы.

 

Разгром маскоўскага войска

Чаляднін вычакаў, покуль левы фланг войска ВКЛ уцягнецца ў перасьлед палка Булгакава, і кінуў у атаку асноўныя сілы Палка левай рукі на правы фланг літвінскага войска. Гусары падманным адступным манеўрам завабілі маскавітаў да лесу, у якім былі прыхаваныя гарматы і пяхота з пішчалямі. Маскоўская коньніца была расстраляная ва ўпор.

Літвінскія гусары пагналі ўцалеўшых, і на іхніх плячох уварваліся на пазіцыі Палка левай рукі.

Тым часам Галоўны полк войска ВКЛ атакаваў Вялікі полк маскоўскага войска. Маскавіты не вытрымалі напору і кінуліся наўцёкі. Пры набліжэньні літвінскай коньніцы паніка ўзьнікла і ў Палку тылавой варты маскоўскага войска. Літвінскія і польскія вершнікі гналі ворагаў да рэчкі Крапіўны, якая, паводле летапісца, з-за вялікай колькасьці загінулых замарудзіла свой бег.

За тры гадзіны бітвы для маскавітаў усё было скончана. Яны страцілі забітымі палову войска. Больш за пяць тысяч, у тым ліку ваяводы Чаляднін ды Булгакаў, трапілі ў палон.